ЯКАБІ́НСКІ КЛУБ,
палітычны клуб і масавая грамадская арг-цыя ў Францыі ў перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99. Узнік у чэрв.—кастр. 1789, названы па месцы пасяджэнняў у зале б. бібліятэкі манахаў-дамініканцаў (у Францыі наз. якабінцамі) у Парыжы. Меў шматлікія мясц. секцыі (больш за 44 тыс. ў 1794). Напачатку аб’ядноўваў усіх праціўнікаў феад.-абсалютысцкіх парадкаў пры дамінуючай ролі прыхільнікаў канстытуцыйнай манархіі з ліку ліберальнага дваранства і буйной буржуазіі. Вясной 1790 найб. кансерватыўныя з іх (Э.Ж.Сіес, А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.) утварылі ўнутры клуба замкнёнае «Таварыства 1789»). У ліп. 1791 у сувязі з паліт. крызісам, выкліканым спробай караля Людовіка XVI уцячы за мяжу, манархісты-канстытуцыяналісты выйшлі з Я.к. і ўтварылі т-ва фельянаў. У клубе да восені 1792 панавала групоўка рэспубліканцаў на чале з Ж.П.Брысо, якая пазней атрымала назву жырандыстаў. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) абвастрыўся канфлікт паміж радыкальнымі групоўкамі Я.к. і жырандыстамі, якія пакінулі клуб у кастр. 1792. З гэтага часу Я.к. — асн. паліт. цэнтр якабінцаў, дзе ў перыяд якабінскай дыктатуры (чэрв. 1793 — ліп. 1794) панавала групоўка М.Ф.М.І.Рабесп’ера і выпрацоўваліся асн. кірункі дзярж. палітыкі. Пасля тэрмідарыянскага перавароту (27—28.7.1794) Я.к. у пач. ліст. 1794 разгромлены «залатой моладдзю» і 12.11.1794 афіцыйна зачынены дэкрэтам Канвента. Спробы аднавіць яго дзейнасць у 1795—96 і 1798—99 спынены Дырэкторыяй.
П.А.Тупік.
т. 18, кн. 1, с. 249
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)